Навігацыя
   Пошук
   Навіны

   Кампанія ў падтрымку Свеціка і супраць пераследу праваабаронцаў

Удзельнікамі праекта "Выкананне міжнародных стандартаў у нацыянальнай судовай практыцы", што ажыццяўляецца ў межах Беларускага Дома правоў чалавека, распачата кампанія ў падтрымку Леаніда Свеціка. Праваабаронцы выразілі салідарнасць са Свецікам і асудзілі дзеянні беларускіх уладаў адносна пераследу праваабаронцаў на Беларусі, выказаўшыся на гэтую тэму ў разнастайных СМІ.

Нагадаем, што ў ліпені Віцебскі суд прызнаў вядомага беларускага праваабаронцу Леаніда Свеціка вінаватым у "распальванні рэлігійнай і нацыянальнай варожасці" і пакараў велізарным штрафам у памеры больш за 30 мільёнаў беларускіх рублёў.

Такое абвінавачванне адвакат праваабаронцы Павел Сапелка назваў правакацыяй, а на думку праваабаронцаў, пераслед Свеціка і прысуд непасрэдна звязаныя з яго праваабарончай дзейнасцю. Сам Свецік лічыць гэтую справу помстай за сваю дзейнасць.

Вярхоўны Суд пакінуў рашэнне віцебскіх суддзяў у сіле. Шкадаванне з гэтай нагоды выказала Фундацыя Дамоў правоў чалавека і Нарвежскі Хельсінкскі камітэт. У лісце на імя старшыні Вярхоўнага Суда Валянціна Сукалы каардынатарка Фундацыі па Ўсходняй Еўропе і Каўказе Анэ Тусквік Бондэ і загадчык інфармацыі НХК Бэрыт Ліндэрман зазначылі, што "Леанід Свецік - праваабаронца, прызнаны на міжнародным узроўні", рашэнне супраць якога - "палітычна матываванае".

Актывісты лічаць такое пакаранне з боку беларускіх уладаў Свеціку за яго праваабарончую дзейнасць паказальным. Меркаванні аб несправядлівасці прысуду і несуразмернасці пакарання выказаныя праваабаронцамі, падтрымаўшымі кампанію ў падтрымку Свеціка, у публікацыях, што з'явіліся ў СМІ ў апошнія дні.

Аляксей Лапіцкі, праваабаронца з Жодзіна, назваў справу супраць Леаніда Свеціка абсурднай, цынічнай і здзеклівай па сваім змесце і адзначыў: "Гэта не судовая справа, а палітычная расправа!" Вынесены прысуд, на яго думку, прадказальны для практыкі палітычных пераследаў, што мае месца ў Беларусі. Прымяненне такіх мераў уладамі Лапіцкі звязвае з сацыяльна-эканамічным крызісам, бо праз іх папаўняецца дзяржбюджэт, і маючымі адбыцца выбарамі, бо такая практыка садзейнічае палітычнай дыскрымінацыі апанентаў: "Праз мэтавае і планамернае цкаванне, псіхалагічны ўціск ды адміністрацыйна-эканамічныя інструменты ўздзеяння на іншадумцаў, улада спрабуе дэзактывізаваць канкрэтную (непажаданую і небяспечную для яе далейшага панавання) праваабарончую актыўнасць у рэгіёнах і адначасна папоўніць бюджэт за кошт дыскрымінаваных і зневажаных такім чынам актывістаў грамадзянскай супольнасці краіны, іхнай замоўнай "распрацоўкі" і самага сапраўднага "рабавання".

Прадстаўнік Беларускага Хельсінскага камітэта ў Салігорскім рэгіёне Леанід Мархотка мяркуе, што грамадскасць сапраўды павінна сур'ёзна звярнуць увагу на справу Свеціка. Ён пракаментаваў выпадак з Леанідам Свецікам наступным чынам: "Выпадак з віцебскім праваабаронцам Леанідам Свецікам наогул не вытрымлівае ніякай крытыкі. Дзяржава натуральным чынам ператварае чалавека, да таго ж праваабаронцу, у раба. Улады пэўна спрабуюць гэткім нахабным чынам зарабіць грошы падчас крызісу. Гэта проста здзек з інстытуту правоў чалавека".

Гомельскія актывісты таксама зазначаюць абсурднасць і цынізм прысуду па справе Свеціка. Актывіст Руху "За Свабоду" Леанід Судаленка каментуе: "Наколькі я ведаю, Леанід Свецік якраз аказваў юрыдычную дапамогу асобам, якія атрымлівалі лісты з пагрозамі ад імя ўльтраправага "Расейскага нацыянальнага адзінства". Менавіта за гэта ён зараз і пацярпеў. Зараз праваабаронца мусіць сплаціць вялізарны штраф (каля 11 тысяч даляраў). Складаецца ўражанне, што дзяржава хоча зарабіць на правабаронцы і яго сям'і". Актывіст Васіль Палякоў лічыць, што "праваабаронцы заўсёды нязручныя для ўладаў. У недэмакратычных краінах ціск на іх з боку дзяржавы, на жаль, звычайная з'ява. У выбары сродкаў улады вельмі часта сябе не абмяжоўваюць".

Такім чынам, відавочна, што актывісты, якія падтрымалі акцыю салідарнасці з Леанідам Свецікам, вызначаюць прызнанне яго вінаватым па артыкуле 130 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь і прысуджэнне яму пакарання надзвычай велізарным штрафам як "адзін з прыкладаў ціску дзяржавы на дзейнасць праваабаронцаў у Беларусі".


Паводле http://humanrightshouse.org/

    + Версія для друку
    + Захаваць
Дадаць камэнтар



   Каментары


© 2007 Slucak.org | Слуцкі Незалежны Сайт . Сайт створаны пры падтрымкі belmov.org ды saligorsk.org
Працуе пад кіраваньнем WebCodePortalSystem v. 3.6

Старонка згэнэравана за 0.092 сэк..