Навігацыя
   Пошук
   Навіны

   У Слуцку ўшануюць герояў антыбальшавіцкага супраціву

28 лістапада ў Слуцку на гарадзкім стадыёне адбудзецца мітынг у гонар 89-х угодкаў Слуцкага збройнага чыну. Арганізатар акцыі — Беларускі Народны Фронт "Адраджэньне". Улады далі дазвол на мітынг.

Дазволены мітынг пачнецца а 14 гадзіне. Яго заяўнік, сябра Партыі БНФ Віталь Амяльковіч, паведаміў "Свабодзе", што Слуцкі райвыканкам загадзя спагнаў грошы за хуткую дапамогу і дворнікаў, пасьля давядзецца аплаціць працу міліцыянтаў:

"Сёньня падпісаў апошнюю дамову на іхныя паслугі. Заплаціў. Таму чакаем мітынг заўтра".

Ад 1991 году дэмакратычная грамадзкасьць Беларусі адзначае Дзень герояў. Заўжды ў лістападзе адбываецца вандроўка па мэмарыяльным маршруце: вёскі Семежава, Грозава (Капыльскі раён) — вёска Чырвоная Слабада (Салігоршчына) — горад Слуцак.

Сёлета будзе яшчэ адзін дадатковы прыпынак — могілкі ў слуцкай вёсцы Агароднікі. Тлумачыць Віталь Амяльковіч:

"Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў даведаўся, што ў Агародніках ёсьць магіла слуцкіх паўстанцаў. Пра гэта я, напрыклад, пачуў упершыню, хаця даўно жыву ў Слуцку і нібыта няблага ведаю гісторыю народнага паўстаньня супраць бальшавіцкай улады".

Ад заўтра, дарэчы, пачнецца адлік падрыхтоўкі да 90-х юбілейных угодкаў Слуцкага збройнага чыну. І, як кажа, старшыня Руху салідарнасьці "Разам" Вячаслаў Сіўчык, абавязкова будзе павялічана колькасьць мэмарыяльных знакаў, зьвязаных са Слуцкім збройным чынам:

"Трэба падзякаваць беларускім гісторыкам Анатолю Грыцкевічу і Ніне Стужынскай за тое, што цяпер жыхары Беларусі маюць магчымасьць чытаць кнігі, у якіх шмат зьвестак пра герояў Слуцкага збройнага чыну. У наступным годзе мы правядзем навукова-практычную канфэрэнцыю, каб зьявіліся новыя навуковыя працы пра народнае паўстаньне ў абарону незалежнасьці нашай краіны".


Паводле http://www.svaboda.org/

    + Версія для друку
    + Захаваць
Дадаць камэнтар



   Каментары


© 2007 Slucak.org | Слуцкі Незалежны Сайт . Сайт створаны пры падтрымкі belmov.org ды saligorsk.org
Працуе пад кіраваньнем WebCodePortalSystem v. 3.6

Старонка згэнэравана за 0.088 сэк..