|
Навігацыя
Пошук
Календар
Уваход
Стужка навін RSS
Лічыльнікі
|
|
Навіны
Аляксандр Мілінкевіч правёў шэраг важных сустрэчаў у Вашынгтоне
Лідэр руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч правёў шэраг важных сустрэчаў у Вашынгтоне.
Падчас візіту ў ЗША апазіцыйны кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч спрабуе пераканаць амерыканскіх палітыкаў, каб ЗША не скарачалі падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў і ўзгаднялі з ЕЗ палітыку ў дачыненні да Беларусі, перадае польскае інфармацыйнае агенцтва PAP. Мілінкевіч непакоіцца, што ў імкненні палепшыць стасункі з Расеяй адміністрацыя прэзідэнта Барака Абамы "пасунула" на задні план падтрымку незалежных грамадзянскіх рухаў у краінах былога СССР. "Палітыка Амерыкі злёгку змяніла прыярытэты. Мы бачым, што амерыканцы адмаўляюцца ад падтрымкі грамадзянскай супольнасці і незалежных медыя. Мы хочам пераканаць іх, што вельмі важна працягваць падтрымліваць свабоду ў Беларусі" - сказаў Мілінкевіч у аўторак пасля перамоваў з прадстаўнікамі Адміністрацыі і Кангрэса. Беларускі кандыдат правёў сустрэчы на Капіталійскім узгорку са знанымі заканадаўцамі, у тым ліку з сенатарам-республиканцам Джонам Макейнам, былым кандыдатам у прэзідэнты ЗША і сустаршынём Хельсінкскай камісіі Кангрэса, а таксама кангрэсменам-дэмакратам Элсі Гасцінгсам. У Дзяржаўным дэпартаменце Аляксандра Мілінкевіча прыняў намеснік дырэктара еўрапейскага аддзела Лары Сільверман (Larry Silvemann), які адказвае за стасункі ЗША з Украінай, Беларуссю і Малдовай. На пытанне, ці знайшлі разуменне яго прапановы, Мілінкевіч адказаў, што яго галоўнай мэтай было пераканаць амерыканцаў весці агульную з ЕЗ палітыку ў дачыненні да Беларусі. "Ухваленне ёсць, разуменне ёсць, але не бывае так, каб адразу ўсё змянілася. Я не думаю, што ў мяне ёсць такія магчымасці. Але сустрэчы былі вельмі важнымі. У першую чаргу, гаворка ідзе пра тое, што неабходна забяспечыць каардынацыю і супрацоўніцтва паміж ЗША і ЕЗ у дачыненні да Беларусі, каб яны казалі адным голасам. Тады мы будзем мець добрыя вынікі, хаця усё залежыць не ад ЕЗ і не ад ЗША, а толькі ад нас" , - сказаў ён. Мілінкевіч дадаў, што для яго важныя, у прыватнасці, падтрымка незалежнага тэлебачання "Белсат", чыя аўдыторыя ўжо дасягнула 7 адсоткаў насельніцтва, а таксама праграмы дапамогі для рэпрэсаваных. "У Польшчы ёсць такія праграмы, важна, каб да іх далучыліся іншыя краіны", - сказаў ён. Беларускага кандыдата суправаджалі польскія еўрадэпутаты Кшыштаф Лісэк (Krzysztof Lisek) і Яцэк Пратасевіч (Jacek Protasiewicz) з "Грамадзянскай платформы". Апошні заявіў, што дзярждэпартамент ЗША запэўніў Мілінкевіча ў тым, што дапамога для падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі не будзе скарочаная сёлета, а ў далейшым можа нават узрасці. Мілінкевіч і Лісэк таксама распавялі, што сустрэліся з кіраўніцтвам амерыканскіх няўрадавых арганізацыяў, якія займаюцца падтрымкай грамадзянскіх рухаў, у тым ліку з прэзідэнтам Нацыянальнага Фонду за Дэмакратыю (NED) Карлам Гершманам, які абяцаў дапамогу. Выбары ў Беларусі адбудуцца ў перыяд з лістапада па студзень наступнага года. Мілінкевіч прызнаў, што, верагодна, не будзе адзіным кандыдатам ад апазіцыі. Аляксандр Мілінкевіч, які ўжо кідаў выклік прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку на папярэдніх выбарах, сцвярджае, што "апазіцыя ў Беларусі не з'яўляецца слабой". Ён разлічвае таксама на прысутнасць незалежных назіральнікаў за выбарамі, у тым ліку з Расеі. Кандыдат сказаў, што ён не баіцца ніякіх абвінавачванняў беларускага ўрада ў тым, што ён праводзіць кампанію з дапамогай польскіх еўрадэпутатаў, г.зн. "палітыкаў з замежных дзяржаваў". "Я не звяртаю ўвагі на тое, што кажа прапаганда, таму што яна хлусіць. Польшча была і застаецца краінай, якая больш за усіх падтрымлівае дэмакратыю ў Беларусі. Я не баюся, што зноў будуць казаць, што Мілінкевіч польскі шпіён. Раней казалі, што я "гэбрайскі шпіён…" - сказаў ён. "Мы тут з гістарычнай нагоды. Польшча ў 1989 годзе атрымала вялікую дапамогу ад ЗША. Сёння мы, палякі, прыязджаем сюды, каб сказаць амерыканцам: вы павінны дапамагчы яшчэ раз, таму што ёсць у Еўропе недэмакратычная краіна, дзе кіруе дыктатура", - сказаў дэпутат Еўрапарламента Кшыштаф Лісэк. Паводле http://www.charter97.org/ ![]() + Захаваць ![]()
Каментары
| |
Старонка згэнэравана за 0.094 сэк..