Навігацыя
   Пошук
   Навіны

   600 гадоў пасьля Грунвальду

600-годзьде Грунвальду ў Беларусі адзначаецца на ўзроўні Міністэрства культуры, адпаведнага ўпраўленьня Гарадзенскага аблвыканкаму і раённых уладаў Наваградку, паведаміў намесьнік міністра культуры Ўладзімір Карачэўскі:

"Будзе вельмі цікавая праграма гэтага сьвята: тэатралізаванае шэсьце, канцэрт, а таксама абавязковыя рыцарскія турніры каля сьцен Наваградзкага замку. Плянуюцца афіцыйныя прадстаўнікі замежных краін, але не магу пакуль дакладна сказаць — чакаем. Што тычыцца ўдзелу беларускай дэлегацыі ў сьвяце на Грунвальдзе, то нашы гістарычныя клюбы будуць удзельнічаць абавязкова. Адносна афіцыйных прадстаўнікоў, хто будзе ўдзельнічаць, зараз не магу адказаць".

Да сьвяткаваньня юбілею Грунвальду рыхтуецца таксама і грамадзкі аргкамітэт, які сплянаваў іншую праграму ўрачыстасьцяў без разьліку на дапамогу дзяржаўных структур. Гэта:

* фэст сярэднявечнай культуры, які адбудзецца ў ліпені,
* навуковая канфэрэнцыя,
* выстава мастакоў творчай суполкі "Пагоня", а таксама
* выстава дзяцей і моладзі.

Адной з галоўных падзей сьвяткаваньня мае стаць удзел у рэканструкцыі бітвы на Грунвальдзкім полі, якое зараз называецца Дубровенскім. Грамадзкі аргкамітэт плянуе накіравацца ў Польшчу з дэлегацыяй у складзе прадстаўнікоў беларускіх гарадоў і мястэчак, зь якіх 600 год таму ваяры выпраўляліся на Грунвальд. Кожная з гэтых груп зараз рыхтуе копіі сьцягоў і харугваў, пад якімі змагаліся іх продкі, распавядае кіраўнік аргкамітэту, мастак Мікола Купава:

"Кожны горад — Мсьціслаў, Ашмяны, Горадня, Ворша, Віцебск, Бярэсьце -будуць мець свае харугвы. І пачынаем мы нашае сьвяткаваньне якраз з асьвячэньня гэтых харугваў. Мы хочам схадзіць да міністра культуры, каб міністэрства надало гэтым харугвам статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Затым будзе асьвячэньне гэтых харугваў у нашых храмах, і пад імі нашы дэлегацыі будуць удзельнічаць у сьвяце".

Грунвальдзкая бітва — вырашальная бітва вайны паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Польшчай, з аднаго боку, і Тэўтонскім ордэнам — з другога. Гэта была найбуйнейшая падзея сярэднявечча, калі войскі саюзьнікаў, якія ўзначальвалі Вітаўт і Ягайла, ушчэнт разьбілі крыжакоў. Гэта была безумоўная перамога беларускай зброі разам зь літоўскай і польскай — і гэта факт, на якім можна будаваць памяць нацыі, заяўляюць гісторыкі. Аднак сёньня гістарычная значнасьць Грунвальдзкай бітвы і ўдзел беларусаў у ёй незаслужана забытыя, і перадусім афіцыйнымі ўладамі. Тым часам у Польшчы на месцы гістарычнай падзеі 15 ліпеня адбудуцца ўрачыстасьці дзяржаўнага ўзроўню. Не застаецца ўбаку і Літва, кажа Мікола Купава:

"У Літве грунтоўна рыхтуюцца: там сьвята будзе адзначацца на дзяржаўным узроўні, будзе прымаць удзел таксама прэзыдэнт — гэта ж натуральна. А дэпутаты Сойму Літвы прапанавалі ўсім нам — дэлегацыям Вялікага Княства Літоўскага — сустрэцца ў Горадні, і ўжо з Горадні ўсім разам рушыць на Грунвальд. Мы так і зробім. У Польшчы сьвяткаваньне таксама на дзяржаўным узроўні — вось гэтую рэканструкцыю Грунвальдзкай бітвы, якая адбудзецца, польскі бок грунтоўна прафінансаваў. Яны запрасілі рыцарскія клюбы і зь Беларусі, і зь Літвы, і з Чэхіі, зь Нямеччыны, з Італіі. Словам, пра гэта трэба казаць, бо вы ж бачыце, што сама дзяржава і дзяржаўныя СМІ абмінаюць гэтую тэму".


Ян Матэйка. "Бітва пад Грунвальдам"


Галіна Абакунчык, паводле http://www.svaboda.org/

    + Версія для друку
    + Захаваць
Дадаць камэнтар



   Каментары


© 2007 Slucak.org | Слуцкі Незалежны Сайт . Сайт створаны пры падтрымкі belmov.org ды saligorsk.org
Працуе пад кіраваньнем WebCodePortalSystem v. 3.6

Старонка згэнэравана за 0.09 сэк..